ПО́ПІСЫ ВО́ЙСКА ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА, попісы шляхты,

вайсковыя мерапрыемствы па рэгістрацыі і падліку ўзбр. ненайманых сіл дзяржавы. Першы попіс, матэрыялы якога захаваліся, праведзены згодна з ухвалай Віленскага сойма 1528. Паводле гэтай ухвалы землеўласнікі з 8 службаў выстаўлялі ў войска 1 вершніка; усяго ўлічаны 19 842 коннікі. Статут ВКЛ 1529 больш дэтальна вызначыў абавязкі шляхты па ўдзеле ў попісах і зазначыў, што дробная шляхта, якая не мае падданых і вял. уладанняў, павінна асабіста адпраўляцца ў войска. Віленскі сойм 1563 пастанавіў, каб шляхта выстаўляла ў войска 1 конніка з 10 службаў. Статут ВКЛ 1566 вызначыў, што шляхта збіраецца ў войска па павятовых харугвах, пад кіраўніцтвам маршалкаў, у цэнтр. паветах ваяводстваў — кашталянаў. У час Лівонскай вайны 1558—83 каля Краснага Сяла (цяпер в. Краснае Маладзечанскага р-на Мінскай вобл.) з 26.6.1567 да лют. 1568 быў праведзены попіс, які зафіксаваў 27 776 коннікаў. Статут ВКЛ 1588 устанавіў, што попісы праводзяцца ў час збору шляхты на вайну. Верагодна, попіс быў праведзены ў 1601, вядомы яго вынікі па Віленскім ваяв. Соймавая канстытуцыя 1607 вызначыла, што павятовыя попісы павінны праходзіць кожны год паводле норм пастановы Віленскага сойма 1563. Канстытуцыя 1613 устанавіла, што попісы павінны адбывацца 8 вер. праз 2 гады пры гарадах, замках і каралеўскіх дварах (месцах, дзе звычайна праходзілі суды і соймікі). У цэнтр. павеце ваяводства шляхта павінна была з’яўляцца перад ваяводам, кашталянам і харунжым, у інш. паветах — перад маршалкам, харунжым і войскім. Канстытуцыя 1650 устанавіла, што попісы будуць адбывацца праз 4 гады на свята св. Міхала (29 вер.), а Генеральная канфедэрацыя ВКЛ 1764 вызначыла, што попісы павінны адбывацца праз 2 гады. Адзіным даволі поўным спісам шляхецкіх родаў ВКЛ з’яўляецца попіс 1765, бо ён праведзены на ўсёй тэр. дзяржавы. Дакументацыя попісаў — каштоўная крыніца па сац.-эканам., вайсковай гісторыі ВКЛ, генеалогіі, гіст. геаграфіі.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 12, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)